Беларусь аднаўляе шматбаковыя перамовы па ўваходжанні ў СГА

Як паведамляе interfax.by, 16 траўня ў Жэневе ў штаб-кватэры Сусветнай гандлёвай арганізацыі адбудзецца шматбаковае паседжанне працоўнай групы. На ім будзе разглядацца далучэнне Беларусі да СГА. Працоўная група разгледзіць замежнагандлёвае і эканамічнае рэгуляванне ў Беларусі, абмяркуе далейшыя крокі ў працы.



Беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік міністра замежных справаў Аляксандр Гур'янаў.



Беларусь вядзе перамовы пра ўваходжанне ў СГА з 1993 года. З тых часоў адбылося 7 фармальных паседжанняў створанай для гэтага працоўнай групы. Апошняе афіцыйнае паседжанне групы адбылося ў траўні 2005 года. З тых часоў паседжанні працоўнай групы праводзіліся ў неафіцыйным фармаце. Апошняя неафіцыйная кансультацыя ў рамках групы адбылася ў чэрвені 2009 года.



Са стварэннем Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі ў чэрвені 2009-га было вырашана ўступаць у СГА адзінай мытнай тэрыторыяй. Але потым Расія вырашыла ўваходзіць у СГА самастойна.