Беларус набыў у ЗША айфон купюрамі па 2 долары (фота, відэа)

Ігар Чэрнік пераехаў з Мінска ў Каліфорнію тры гады таму. Колькі дзён таму ён выпраўляўся ў адведзіны на радзіму. Сябар папрасіў Ігара набыць і прывезці яму новы iPhone 5.

“Я вырашыў пазабавіцца і пераўтварыць набыццё тэлефона ў шоў, — патлумачыў Еўрарадыё Ігар Чэрнік. — За тыдзень да гэтага замовіў у банку ў Сан-Францыска банкноты вартасцю 2 долара. І калі мне іх выдалі, накіраваўся ў краму ў Сакрамэнта па тэлефон”.

Увесь працэс Ігар зняў на фота і відэа. Перад набыццём ён дадаткова праштампаваў купюры дзіцячай гумовай пячаткай з выявай яблычка. Прадаўцы былі проста агаломшаныя. Купюра ў 2 долары лічыцца вельмі рэдкай — не ўсе нават бачылі яе ў вочы. У Беларусі такая купюра ў калекцыянераў каштуе 5 долараў.