Беларусь не выконвае міжнародныя стандарты ў галіне СМІ, лічаць эксперты

Нягледзячы на "сімвалічныя і разрозненыя дзеянні" з боку ўлад, Беларусь па-ранейшаму не выконвае міжнародныя стандарты ў галіне СМІ. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы міжнароднай місіі праваабаронцаў, якія наведалі Беларусь 20—24 верасня. Справаздача падрыхтаваная для структур Еўрасаюза напярэдадні разгляду пытання пра часткова прыпыненыя санкцыі да беларускіх чыноўнікаў, паведамляе БелаПАН. Міжнародныя эксперты адзначаюць, што ўлады працягваюць выкарыстоўваць шэраг рэпрэсіўных артыкулаў, каб спыніць крытыку, прыбраць апазіцыйныя або альтэрнатыўныя пункты гледжання. Для недзяржаўных СМІ абмежаваны доступ да інфармацыі, з-за чаго беларускае грамадства ў сваёй большасці пазбаўленае інфармацыі па важных грамадскіх пытаннях і рашэннях уладаў і адміністрацыйных структураў.

"У сённяшніх умовах беларускія СМІ не могуць працаваць у поўнай адпаведнасці са сваёй функцыяй — кантраляваць усе галіны дзейнасці ўрада", — гаворыцца ў справаздачы. Заўчаснымі лічаць эксперты абяцанні беларускіх уладаў прыняць да ўвагі высновы па выніках паседжанняў круглых сталоў аб сітуацыі ў сферы СМІ.

Сярод рэкамендацый у справаздачы — неабходнасць рэфармаваць законы аб СМІ і аб процідзеянні экстрэмізму, бо яны не адпавядаюць міжнародным абавязанням Беларусі ў галіне свабоды прэсы і выяўлення, а таксама прыняць пэўныя дзеянні для забеспячэння правоў журналістаў.

Эксперты заявілі пра неабходнасць правесці поўнае і празрыстае расследаванне смерці тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага і журналісткі Веранікі Чаркасавай.

Справаздача рэкамендуе забеспечыць недзяржаўным СМІ правы і магчымасці развівацца ў справядлівых і роўных эканамічных умовах, у прыватнасці права распаўсюджвацца без дыскрымінацыі. "Улады не павінны зыходзіць з таго, што сам факт існавання недзяржаўных СМІ — прыкмета таго, што дзяржаўная і недзяржаўная прэса знаходзяцца ў роўных эканамічных умовах", — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Яны лічаць неабходным наяўнасць выразных правіл і празрыстай працэдуры акрэдытацыі журналістаў, а таксама недапушчальнасці абмежавання доступу прэсы, у прыватнасці да асвятлення дэманстрацый.