Беларусь не зможа шукаць допінг у спартсменаў нават да наступнай Алімпіяды

Антыдопінгавае агенцтва Беларусі не паспее пачаць паўнавартасную праверку спартсменаў нават да наступнай Алімпіяды. Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў кіраўнік агенцтва Мікалай Кручынскі.

Мікалай Кручынскі: “Ідзе працэс стварэння лабараторыі. Гэта не працэс аднаго дня або аднаго года. На дадзены момант ідзе працэс закупкі абсталявання. Але ён не такі просты і хуткі, як многім з нас хочацца. І другі момант. Ад таго, што мы купілі, яшчэ не азначае, што гэта запрацавала. Яшчэ людзей трэба вучыць. І ад таго, што мы змантуем і паставім абсталяванне — гэта не азначае, што праз тыдзень мы пачнём рабіць аналізы”

Еўрарадыё:
“Гэта азначае, што беларускае антыдопінгавае агенцтва не паспее зрабіць аналізы нашым спартсменам напярэдадні пекінскай Алімпіяды?”

Мікалай Кручынскі: “А я думаю, што мы і да наступнай Алімпіяды не будзем іх правяраць у сваёй лабараторыі. Усё адно будзем звяртацца да акрэдытаванай лабараторыі. Калі я буду ўпэўнены, што методыкі адладжаныя, персанал падрыхтаваны і гатовы, толькі тады мы будзем правяраць кандыдатаў на ўдзел у Алімпіядзе ў нашай лабараторыі. Згубіць спартсмена ў сітуацыі, кале нешта знайшлі, а нешта не — гэта вельмі дарагое задавальненне”.

Мікалай Кручынскі
нагадаў, што допінг-кантроль членаў нацыянальных каманд ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У сярэднім аналізы каштуюць 200-220 еўра.

Мікалай Кручынскі: “Афінская лабараторыя каштуе 200 еўра, стамбульская прыкладна столькі ж. Нарвежская — 250-270 долараў. Маскоўская лабараторыя таксама прыкладна ў гэтых межах”.