Беларусь пачне "эканамічную вайну" супраць Расіі?

Інфармацыйная вайна паміж Расіяй і Беларуссю можа перарасці ў вайну эканамічную, калі Аляксандр Лукашэнка адмовіцца ад удзелу ў нефармальным саміце АДКБ. Пра гэта Еўрарадыё заявіў былы намеснік міністра замежных справаў Расіі, дырэктар фонду “Цэнтр палітычных даследаванняў “Кансалтынг” Андрэй Фёдараў. Фёдараў: “Калі ён не прыедзе ў Ерэван, праігнаруе саміт АДКБ, ступень напружанасці паміж нашымі краінамі можа значна павялічыцца. Калі ён знойдзе ў сабе палітычную рашуцасць, каб прыехаць і выкарыстаць трыбуну АДКБ для таго, каб выказаць свой пункт погляду, то магчымы іншы варыянт развіцця падзей”.

Нефармальны саміт АДКБ адбудзецца ў Ерэване 20-21 жніўня. Паводле папярэдняй інфармацыі, прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў не плануе праводзіць двухбаковую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Але Фёдараў упэўнены, што нягледзячы на гэта Лукашэнка здолее з ім перамовіцца сам-насам. І такім чынам распачаць працэс наладжвання ўзаемаадносінаў паміж нашымі краінамі. Калі ж кіраўнік Беларусі ў Ерэван не паедзе, то напружанне будзе і надалей павялічвацца.

Фёдараў: “Я цалкам выключаю варыянт з разрывам дыпламатычных адносінаў. Але я не магу выключыць варыянт, калі беларускі бок можа пайсці на тыя ці іншыя меры дыпламатычнага характару, якія, прынамсі, для беларускага кіраўніцтва, пакажуць залежнасць Расіі ад транзіту праз Беларусь”.

У той жа час эксперт мяркуе, што беларускі прэзідэнт адмовіцца ад паездкі ў Ерэван.


Фота: noviny.narod.ru