Беларусь пагражае спыніць пастаўкі паліва ва Украіну

Беларусь можа спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну ў выпадку ўвядзення "загараджальных" мытаў на імпарт. "Калі ў выніку ўвядзення мыта цэны на ўкраінскім рынку ўзрастуць, мы, магчыма, захаваем пастаўкі ў краіну. Калі яны застануцца на цяперашнім узроўні, а тым больш, калі панізяцца, мы будзем вымушаныя спыніць імпарт", — заявіў журналістам дырэктар "БНК-Украіна" ("дачка" Беларускай нафтавай кампаніі) Мікалай Васілевіч, паведамляе "КоммерсантЪ-Украина".

Не выключана, што менавіта скарачэння паставак і дамагаюцца ўкраінскія НПЗ ад беларускага і іншых замежных пастаўшчыкоў нафтапрадуктаў. Цяпер Мінэканомікі Украіны вывучае абставіны росту імпарту паліва ў краіну. Дзеля абароны ўнутранага рынку нафтатрэйдары патрабуюць увесці мыта ў памеры 130 еўра для тоны бензіна і 80 еўра — для дызпаліва.

Паводле вынікаў 2010 года доля беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку дасягнула 20,7%.