Беларусь схіляецца да будаўніцтва АЭС на Кукшынаўскай пляцоўцы

Дзяржаўная камісія па выбары пляцоўкі для будаўніцтва АЭС у Беларусі схіляецца да выбару Кушынаўскай пляцоўкі на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Такую інфармацыю яна падала кіраўніцтву краіны. На другім месцы па перавазе знаходзіцца Астравецкая пляцоўка (Гродзенская вобл.), а на трэцім — Чырвонапалянская (Магілёўская вобл.). Пра гэта паведаміў "Інтэрфакс" са спасылкай на намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка.

М.Міхадзюк паінфармаваў, што ўсе гэтыя тры пляцоўкі не маюць забараняльных фактараў для размяшчэння АЭС, але па кожнай ёсць свае асаблівасці. У прыватнасці, на Чырвонапалянскай пляцоўцы выяўленыя крэйдавыя адкладанні. Па Кукшынаўскай — інжынерна-геалагічных заўваг няма, але каля яе ёсць два горады — Орша, Горкі. На Астравецкай пляцоўцы на адзін бал вышэйшая сейсмічнасць, чым на дзвюх іншых. Адмоўным фактарам Астравецкай пляцоўкі чыноўнік назваў і яе блізкасць да Вільні — усяго 30 км.