Беларусь спадзяецца на 4 млн тон венесуэльскай нафты

Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што ў 2010 годзе Беларусь здолее імпартаваць 4 мільёны тон нафты з Венесуэлы. "Гэта першая прыступка незалежнасці нашай дзяржавы. Мы павінны гэта ажыццявіць, чаго б нам гэта ні каштавала", — сказаў Лукашэнка пра пастаўкі венесуэльскай нафты. Прэзідэнт папракнуў беларускіх чыноўнікаў, што яны спазніліся з распрацоўкай венесуэльскага напрамку. "Чаму мы спалі ў шапку і не пачалі працаваць з Венесуэлай раней? Чаму дагэтуль не выходзім на іншыя дзяржавы гэтага рэгіёна, дзе нас чакаюць? <...> На Венесуэле Лацінская Амерыка не сканчаецца, і трэба ісці далей, у глыб кантынента, асвойваць новыя перспектыўныя рынкі", — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.