Беларусь спадзяецца скарэктаваць цану на газ

"Белтрансгаз" мае намер атрымаць дадатковыя выгады з падпісаных нядаўна ў Маскве дамоваў па АЭП.

Беларусь дамаглася адмены мытаў на нафту ў Адзінай эканамічнай прасторы і цяпер спадзяецца знізіць цану на расійскі газ. Як заявіў 16 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік ААТ "Белтрансгаз" Уладзімір Маёраў, формула цаны на газ на 2011 года можа быць адкарэктаваная.

На думку Маёрава, падпісанае 9 снежня Беларуссю, Расіяй і Казахстанам пагадненне наконт прынцыпаў доступу да паслугаў натуральных манапалістаў дазваляе на гэта разлічваць.

Расійскі бок пакуль не каментуе гэты новы перамоўны падыход. Кіраўнік Мінэканомразвіцця Расіі Эльвіра Набіуліна на мінулым тыдні падкрэсліла, што цана для Беларусі на газ у 2011 годзе застанецца на запланаваным узроўні — 220 долараў за тысячу кубаметраў.