Беларусь стала чальцом Міжнароднай федэрацыі флорболу

Беларусь стала 49-м чальцом Міжнароднай федэрацыі флорболу. Рашэнне аб прыняцці краіны ў МФФ прынята 26 верасня ў Цюрыху на паседжанні цэнтральнай рады федэрацыі. Як паведамляе БелаПАН, у снежні 2008 года беларуская дэлегацыя наведала штогадовы кангрэс Міжнароднай федэрацыі флорболу ў Празе, дзе атрымала падтрымку чыноўнікаў МФФ. Беларусі прысвоены статус часавага чальца тэрмінам на чатыры гады. За гэты час федэрацыя зможа атрымаць сталае сяброства ў МФФ.

Флорбол у Беларусі развіваецца з 2005 года. У 2008 годзе ў Санкт-Пецярбургу флорбалісты прынялі ўдзел у міжнародным турніры "Кубак Гагарына", дзе занялі 7-е месца. Пераможца першага розыгрышу Беларускай флорбольнай лігі, каманда "Вендэта", заваявала бронзавыя медалі на міжнародным турніры "Навашынскае лета"—2009. У Беларусі ёсць пяць флорбольных камандаў, сістэматычна флорболам займаюцца каля 100 чалавек.

Флорбол — разнавіднасць хакея з мячом у закрытым памяшканні.