Беларусь стала сусветным лідарам па колькасці спаму
Наша краіна абагнала ў гэтым ЗША, Кітай і Расію. Колькасць спам-паведамленняў скочыла да надзвычайнага ўзроўню 13 красавіка і пасля таго не змяншаецца
Пра гэта паведамляе The Register са спасылкай на даследаванне фірмы AppRiver. У студзені 2013 года даследчыкі адзначылі ў сярэднім 3,1 мільёна спам-паведамленняў з Беларусі. Пасля красавіцкага ўсплёску сярэдняя колькасць паведамленняў у дзень павялічылася да 12,3 мільёна і працягвае расці.
Толькі адно з тысячы электронных лістоў з Беларусі з'яўляецца не "смеццевым". 99,9% высланай пошты з'яўляецца непажаданай, адзначае IT.TUT.BY. Прычыны ўсплёску спаму з Беларусі эксперты не ведаюць.
На Беларусь, паводле даследавання, цяпер прыпадае 16,3% сусветнага спаму. Для параўнання, на долю ЗША прыпадае 15,1%, Украіны — 7,45%, Кітая — 5,78%.
Фота — appriver.com