Беларусь страчвае Інтэрнэт-крамы

На думку Інтэрнэт-гандляроў, у хуткім часе Інтэрнэт-крамы ператворацца ў звычайныя гандлёвыя кропкі. З панядзелка ў Беларусі пачала дзейнічаць новая Пастанова Савета Міністраў, паводле якой гандляваць у Інтэрнэце стала значна цяжэй. Займацца продажам праз Інтэрнэт могуць толькі юрыдычныя асобы, іх сайты павінны быць зарэгістраваны Дзяржаўным цэнтрам бяспекі, мець нацыянальны дамен і захоўваць інфармацыю на серверы, які знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ў кожнай Інтэрнэт-крамы павінна быць рэальнае гандлёвае памяшканне.

На выкананне ўсіх гэтых патрабаванняў адведзены адзін месяц.

Еўрарадыё вырашыла звярнуцца да некаторых інтэрнэт-крамаў, каб даведацца, ці адчуваюцца змены. Распавядае ўладальнік Інтэрнэт-крамы Аляксандр, якая займаецца гандлем камп’ютэрнай тэхнікі:

“З першага красавіка стане яшчэ горш працаваць, і гэта адгукнецца на кішэні спажыўцоў, у сувязі з увядзеннем падатку з продажу. Казаць тут няма пра што, усё навокал дрэнна, так як у чалавека па Канстытуцыі ўжо няма права на выбар.

Яму навязваюць, у якім дамене яму знаходзіцца і чым займацца. Да таго ж таварная група, у якую ўваходзіць камп’ютэрная тэхніка, павінна будзе прадавацца толькі на гандлёвых аб’ектах, а не ў інтэрнэт-крамах.

Гэта прывядзе да зняжэння колькасці інтэрнэт-крамаў, што ў сваю чаргу стане прычынай скарачэння існуючых працоўных месцаў і прывядзе да павелічэння колькасці беспрацоўных”.

Але ж на думку супрацоўніка Інтэрнэт-крамы Артура, большыя складанасці выклікае той момант, што як толькі тавар пачынае прадавацца з гандлёвай кропкі, ён аўтаматычна падпадае пад яшчэ адну пастанову. Распавядае Артур:

“Ёсць яшчэ і гэта пастанова па гандлю індывідуальнымі прадпрымальнікамі бытавой тэхнікай, якая напрамую не тычыцца інтэрнэт-крамаў, але ж так як інтэрнэт-крамы павінны мець сваю гандлёвую кропку, мы яшчэ і яе павінны выконваць.

Атрымліваецца наслаенне адной пастановы на другую. Адназначна будзе падаражэнне. Насамрэч, змены, якія тычацца таго, што абавязкова трэба мець гандлёвую кропку і плаціць фіксаваную стаўку, не такія складаныя.

У любой дзірцы можна за капейку знайсці мейсца, выставіць там узоры і далей працаваць, падвялі Інтэрнэт-крамы пад рознічны гандаль. Але тое, што ўсё ўскладняецца – гэта дакладна, таму што пачнуць усё гэта правяраць, торгаць.

У нашай краіне нічога проста так не робіцца. Калі ўважліва прачытаць практычна любую нашую пастанову, усюды ў кантэксце вы ўбачыце: “Спадарства, грошы аддайце!”. За што – незразумела, але грошы аддайце”.

Яшчэ сёння ў Інтэрнэце трапляюцца крамы з ненацыянальнымі даменамі. На пытанне, ці з’явіліся якія-небудзь праблемы з увядзеннем новай пастановы адказвае ўладальнік Інтэрнэт-крамы, электронная адрэса якой заканчваецца даменам COM:

“Пакуль што няма. Як з’явяцца – адразу адчуем. Мы ў бліжэйшы час збіраемся змяняць дамен. Таму я думаю нічога страшнага за гэты тыдзень не адбудзецца”.

Еўрарадыё давялося трапіць і на ахвяр новых увядзенняў. Напрыклад, у нас так і не атрымалася трапіць на сайт baobab.shop.by, які не так даўно гандляваў мабільнымі тэлефонамі. Па невядомых прычынах ён зараз зачынены…

На пытанне, да чаго вядуць такія змены, адказвае ўладальнік Інтэрнэт-крамы, які пажадаў застацца невядомым:

“Калі выконваць усе законы так, як яны ёсць, то маё разуменне такое, што інтэрнэт-крамаў увогуле не будзе ў Беларусі. Гэта будзе нерэнтабельна. Нават не тое што нерэнтабельна, проста нельга будзе займацца гандлем у інтэрнэт-крамах. Будзе гандаль толькі на тарговых кропках”.

Фота — www.wincor-nixdorf.com