Беларусь страціць каля $1,6 млрд. пры кошце на газ у 200 долараў – эксперт

У наступным годзе Беларусі, магчыма, давядзецца купляць расійскі газ па 200 долараў за тысячу кубаметраў. Гэты кошт на 60 долараў большы, чым планавалася. Пра тое, што ўрад Беларусі пачаў падрыхтоўку "песімістычнага" бюджэту на наступны год, зыходзячы з такога кошту, паведаміла інтэрнэт-выданне “Заўтра тваёй краіны”.
Эканаміст Леанід Злотнікаў у размове з Еўрарадыё, выказаў меркаванне, што павышэнне кошту да 200 долараў і нават больш, цалкам магчыма. Паводле яго слоў, Беларусь у такім выпадку страціць каля 1 мільярда 600 мільёнаў долараў.

“Мы спажываем каля 21 мільярда метраў кубічных газу, і калі ўсё пералічым, то пабачым, што за тую ж колькасць газу, якая была раней, мы будзем траціць больш на 1 мільярд 600 мільёнаў долараў. Вось гэта страты Беларусі. Гэта прыкладна каля 4-5% валавога ўнутранага прадукту”.

На думку эканаміста, у выніку такога павышэння частка беларускіх прадпрыемстваў можа страціць канкурэнтназдольнасць.

“Напрыклад, прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў: прадпрыемствы, якія вырабляюць цэмент, шкло, цэглу і гэтак далей”.

Нагадаем, пра кошт на газ, большы за 200 долараў, у траўні заяўляў дзяржсакратар Саюза Беларусі і Расіі Васіль Хрол. Пазней пра гэта казаў амбасадар Расіі ў нашай краіне Аляксандр Сурыкаў.