"Беларусь ТБ" будзе транслявацца па ўкраінскіх кабельных сетках

Нацыянальны савет Украіны па тэлебачанні і радыёвяшчанні ўнёс да адаптацыйнага спісу спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь ТВ", які цяпер будзе транслявацца па ўкраінскіх кабельных сетках. Як паведамілі Еўрарадыё ў Нацыянальным савеце, такое рашэнне было прынята ў сераду:

"Па справе тэлеканалу "Беларусь ТВ" у нас была сустрэча з амбасадарамі, на якой мы абмяркоўвалі прысутнасць тэлеканала на ўкраінскім рынку. Мы атрымалі ўсе дамовы, усе неабходныя дакументы з абгрунтаваннем іх прысутнасці ва Ўкраіне", — паведаміла першы намеснік старшыні Нацсавета Аксана Галаваценка.

Як вядома, урад Беларусі распачаў перамовы з Украінай пра магчымасць рэтрансляцыі дзяржаўнага тэлеканала "Беларусь ТВ" на ўкраінскай тэрыторыі ў сакавіку, практычна адразу пасля фармавання ва Ўкраіне новай улады.

Згодна з украінскім заканадаўствам, вяшчанне замежных тэлеканалаў на тэрыторыі Ўкраіны не абмяжоўваецца, калі змест праграм адпавядае патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі пра трансмежнае тэлебачанне.