Беларусь возьме ўдзел у саміце па ядзернай бяспецы ў 2012 годзе

Беларусь будзе запрошаная на саміт па ядзернай бяспецы ў 2012 годзе, каб вырашаць пытанне з нераспаўсюдам ядзернай зброі разам з іншымі дзяржавамі. Пра гэта сёння заявіў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, паведамляе БЕЛТА. Міністр адзначыў таксама істотны і важны характар прынятай у Астане сумеснай заявы кіраўніка беларускага МЗС і дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан, асноўнай тэмай якога з’яўляецца ўзаемадзеянне дзвюх краінаў у галіне ядзернага нераспаўсюду. Сяргей Мартынаў дадаў, што ЗША пацвярджаюць тыя гарантыя бяспекі, якія былі падпісаныя ў дачыненні Беларусі ў Будапешцкім мемарандуме 1994 года.

Апроч таго, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства лічыць важным кампанентам узаемадзеяння дзвюх дзяржаваў дамоўленасць пра мірнае выкарыстанне атамнай энэргіі. Гаворка ідзе пра сур’ёзныя высілкі Беларусі ў галіне дыверсіфікацыі шляхоў атрымання энэргіі. Такім чынам, гэтая дамоўленасць дае магчымасць працаваць па шырокім коле праектаў атамных станцыяў у Беларусі на аснове найвышэйшых нормаў і стандартаў бяспекі ў гэтай сферы.