Беларус Юрый Раманаў абараніў тытул чэмпіёна Еўропы па боксе
Беларус Юрый Раманаў абараніў тытул
чэмпіёна Еўропы па боксе сярод прафесіяналаў у вагавай катэгорыі да 61 кілаграма.
Учора ўвечары ў мінскім Палацы спорту наш суайчыннік ужо ў трэцім раўндзе
накаўтаваў свайго суперніка – балгарына Тонча Тончава – і пакінуў чэмпіёнскі
пояс сабе, паведамляе “БелТА”.
Беларускі баксёр з самага пачатку сустрэчы захапіў ініцыятыву і пайшоў у атаку. Але балгарын спакойна абараняўся, а ў другім раўндзе час ад часу праводзіў вострыя контратакі.
Усё нечакана завяршылася ў трэцім раўндзе. Настырнасць Раманава прынесла плён: Юрый “дастаў” Тончава сваім каронным левым бакавым ударам. Атака беларуса прыйшлася ў падбародак балгарскага баксёра.
Цягам некалькіх бліжэйшых месяцаў Раманаву
давадзецца абараняць тытул. Мяркуецца, што яго супернікам будзе дасведчаны
італьянскі баксёр Стэфана Дзоф, а паядынак адбудзецца ў Францыі.