Беларусь знішчыла свае запасы ПЗРК "Страла-2М"

Беларусь цалкам знішчыла свае запасы пераносных зенітных ракетных комплексаў (ПЗРК) "Страла-2М". Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык, падрыванне 15 ПЗРК было ажыццёўлена ў канцы лістапада на тэрыторыі спецыялізаванай вайсковай часці ў прысутнасці экспертаў АБСЕ.
Першая партыя ПЗРК "Страла-2М" у колькасці 14 адзінак знішчана ў 2005 г. Ліквідацыя пераносных зенітных ракетных комплексаў гэтага тыпу стала працягам удзелу Беларусі ў шэрагу міжнародных пагадненняў. 9 ліпеня 2007 года АБСЕ прыняла Базавы дакумент аб лёгкай і стралковай зброі (ЛСЗ). А 2 чэрвеня 2006 года ў мэтах яго развіцця быў падпісаны Мемарандум аб узаемадзеянні паміж ААН і АБСЕ ў сферы ЛСЗ і звычайных узбраенняў.
Утылізацыя ПЗРК ажыццёўлена ў межах праекта тэхнічнай дапамогі АБСЕ.