Беларусь зноў трапіла ў спіс несвабодных краін

Праваабарончая арганізацыя Freedom House зноў прызнала Беларусь адной з найгоршых краін паводле індэксу свабоды. Пра гэта сведчыць справаздача "Свабода ў свеце 2015", апублікаваная 28 студзеня на сайце арганізацыі.

Згодна з метадалогіяй даследавання кожная краіна ацэньваецца па шкале ад аднаго да сямі балаў, дзе адзінка азначае найбольшую свабоду ў правах, сямёрка — найменшую. Індэкс свабоды Беларусі складае 6,5, у тым ліку палітычных свабод — 7 і грамадзянскіх свабод — 6.

Усяго ў справаздачы фігуруюць 195 краін. 89 з іх эксперты Freedom House прызналі свабоднымі, 55 — часткова свабоднымі і 51 краіна прызнаная несвабоднай.

У групу несвабодных краін, куды ўваходзіць і Беларусь, трапілі таксама яе партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе — Расія (індэкс свабоды 5,5) і Казахстан (6). Таксама ў гэты спіс уключылі Кітай, Узбекістан, Саўдаўскую Аравію, Туркменістан, Самалі, Судан, Чад, Паўднёвы Судан, Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку.

Усе суседзі Беларусі, апроч Расіі, прызнаныя свабоднымі краінамі. Гэта Украіна, Літва, Латвія і Польшча.

Як адзначаюць аўтары справаздачы, у 2014 годзе назіралася зніжэнне індэксу свабоды агулам ва ўсім свеце. Гэтаму паспрыяла больш агрэсіўная тактыка аўтарытарных рэжымаў і павелічэнне колькасці тэрарыстычных атак. Сярод асобных прычын пагаршэння сітуацыі са свабодай у свеце Freedom House называе ўварванне Расіі ва Украіну і анексію Крыму, перадае БелаПАН.