"Беларусбанк" перастаў крэдытаваць куплю жытла

Найбуйнейшы беларускі банк "Беларусбанк" з 8 снежня спыніў крэдытаванне куплі жытла.  Цяпер "Беларусбанк" толькі дае крэдыты на будаўніцтва жытла — для тых, каму неабходна палепшыць жыллёвыя ўмовы (гэта значыць "чаргавікоў") у беларускіх рублях пад 15% гадавых тэрмінам на 15 гадоў, для тых, хто ен адчувае ў жытле пільнай патрэбы, — у беларускіх рублях пад 20% гадавых тэрмінам на 15 гадоў.

Спажывецкія крэдыты Беларусбанк выдае цяпер толькі на тэрмін да 1 года і толькі ў беларускіх рублях.

Дарэчы, іншыя буйныя беларускія банкі таксама ўвялі абмежаванні па выдачы крэдытаў насельніцтву. Так, "Прыёрбанк", 3-і па велічыні беларускі банк, увёў ліміт на выдачу крэдытаў на набыццё жылля (куплю і будаўніцтва) у памеры не больш за 35 тыс. долараў (пад 17% гадавых). Суму спажывецкіх крэдытаў на аднаго пазычальніка "Прыёрбанк" абмежаваў 2,5 тыс. долараў.

У "Белаграпрамбанку" (2-і па велічыні банк) крэдыты насельніцтву будуць выдавацца толькі па крэдытных картах, без выдачы наяўных сродкаў.

Інтэрфакс