“Беларусьфільм” просіць Лукашэнку пакінуць Замяталіна

Калектыў нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай падоўжыць кантракт з генеральным дырэктарам Уладзімірам Замяталіным, перадае БелаПАН. Супрацоўнікі кінастудыі лічаць, што Замяталін выявіў прафесіяналізм, мэтанакіраванасць, неабыякавасць.  Дзякуючы гэтаму кіраўніку, павялічыліся аб’ёмы вытворчасці мастацкіх і тэлевізійных фільмаў, палепшыліся і фінансава-эканамічныя паказнікі працы кінастудыі. Здзейснены нават пэўны тэхналагічны прарыў, які дазволіў “Беларусьфільму” выйсці на ўзровень сусветных кінавытворчых прадпрыемстваў. Таксама істотна ўзрасла мастацкая вартасць знятых фільмаў. Так, менавіта на базе гэтай кінастудыі з’явіліся стужкі “У чэрвені 41-га”, “Ваўкі”, “Масакра”, “Брэсцкая крэпасць”.

Афіцыйная прычына непадаўжэння кантракту ў тым, што Ўладзімір Замяталін цяпер знаходзіцца ў пенсійным узросце, ён нарадзіўся ў 1948 годзе.