Беларусі неабходная клінічная анкагенетыка

У Беларусі неабходна развіваць клінічную анкагенетыку. Такую думку выказала галоўны навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Галіна Парубава 28 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, развіццё гэтага кірунку дасць магчымасць выяўляць спадчынныя  формы раку ў ранніх стадыях, што зробіць больш танным іх лячэнне.


Як зазначыла Г.Парубава, гэты кірунак у Беларусі толькі пачынае развівацца: ствараецца банк звестак асоб з генетычнымі мутацыямі, якія цягнуць да развіцця новаўтварэнняў. Усім пацыенткам, якія хварэлі на рак малочнай залозы — першае па распаўсюджанасці захворванне сярод жанчын — рассылаюцца спецыяльныя генетычныя анкеты. У іх жанчыны павінны паведаміць інфармацыю аб усіх выпадках анкалагічных захворванняў у сям'і. Калі ў сваякоў першай-другой ступені радства было пяць-шэсць захворванняў, жанчыне робяць малекулярна-генетычны аналіз крыві на наяўнасць мутацый.  Пры іх выяўленні ўсе сваякі жанчыны таксама праходзяць абследаванне. Тыя, у каго былі знойдзены мутацыі, ставяцца на спецыяльны ўлік, з 20-гадовага ўзросту за імі вядзецца медыцынскае назіранне.

БелаПАН