Беларуска змагаецца за званне "Місіс Сусвет — 2010"

Беларуска Васіліна Калугіна змагаецца за званне "Місіс Сусвет — 2010". Фінал конкурсу пройдзе 21 жніўня ў Вільні. Як інфармуе БелаПАН, канкурэнцыю нашай суайчынніцы складзе 21 удзельніца з розных куткоў планеты. Прэтэндэнткі на тытул "Місіс Сусвет" прыехалі ў Вільню 12 жніўня для падрыхтоўкі да фінальнага шоў. Цяпер канкурсанткам паказваюць славутыя мясціны Літвы, яны ўдзельнічаюць у дабрачынных мерапрыемствах. Так, 16 жніўня ўдзельніцы конкурсу наведалі дзіцячы дом. Там быў арганізаваны дабрачынны аўкцыён у падтрымку выхаванцаў установы. 27-гадовая Васіліна Калугіна ўжо ўдзельнічала ў падобных конкурсах. Летась яна прымала ўдзел у конкурсе "Місіс свету", які праходзіў у В'етнаме, аднак засталася там без прызавога месца. Затое яна — уладальніца тытула "Міс прэса" на нацыянальным конкурсе прыгажосці "Міс Беларусь — 2006". Дзякуючы гэтаму тытулу Калугіна стала прэс-сакратаром тэлеканала СТВ, а пасля нараджэння сына аднавіла працу ў рэкламным аддзеле тэлеканала.