Беларускае грамадзянства каштуе 150 тысяч еўра

Сёння беларускае грамадзянства апроч таго, што “пашанцавала” нарадзіцца ў “краіне для народа” можна атрымаць трыма спосабамі. Па-першае, дастаткова быць працаўніком або адмыслоўцам, у якім патрабуецца Беларусь. Па-другое, можна валодаць выключнымі здольнасцямі і талентам або мець выбітныя заслугі перад Беларуссю, мець высокія дасягненні ў галіне навукі, тэхнікі, культуры і спорту.

І найбольш актуальны сёння трэці варыянт: інвеставаць не менш за 150 тысяч еўра ў эканоміку Беларусі або ў рэалізацыю пэўных дзяржаўных праграм. І брама ў “цэнтральна-еўрапейскі рай” адкрытая.

Гэта не выдумка, – сцвярджае “Агенцтва фінансавых навінаў”. Менавіта на аснове аднаго з 3-х пунктаў, прадугледжаных падпраграмай "Аптымізацыя міграцыйных працэсаў" Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады, МУС Беларусі можа задаволіць ваша хадайніцтва аб грамадзянстве. А тым каштоўным працаўнікам або адмыслоўцам, якія не жадаюць атрымоўваць беларускае грамадзянства, МУС можа палегчыць працэдуру афармлення дазволу на сталае пражыванне ў краіне.

Калі параўноўваць з Манака, EUR 150 тыс. – гэта не грошы. Але роля ўсходне-еўрапейскага Манака Беларусі пры існуючым рэжыме не атрымаць. У цэлым жа, умовы далёка не лёгкія, што выклікае некаторае здзіўленне ў сувязі з апошнімі міграцыйнымі трэндамі ў рэгіёне. Справа ў тым, што, не стаўшы Манака, Беларусь, якая па жаданні Аляксандра Лукашэнкі ідзе кітайскім шляхам, у хуткім часе можа сутыкнуцца з кітайскай праблемай – краіна пачне ў вялікіх маштабах губляць працоўныя рукі.

І калі для Кітая гэтая з'ява не нясе дэмаграфічнай небяспекі, дык для Беларусі яна відавочная. Апроч таго, што вялізная колькасць беларусаў ужо працуе ў Расіі (па неафіцыйных дадзеных – каля 2-х мільёнаў чалавек, па афіцыйных – у 2 разы менш), у бліжэйшы час для беларусаў плануюць адкрыць свае межы паўночныя і заходнія суседзі, што непазбежна справакуе наступную хвалю міграцыі.