Беларускамоўныя падручнікі будуць перавыдаваць яшчэ 5 гадоў

Вучням давядзецца пачакаць, пакуль кнігі, напісаныя паводле старых правілаў, пачнуць “рассыпацца ў руках”. Сёлета вучэбных дапаможнікаў хопіць на усіх. Але на некаторыя беларускамоўныя падручнікі, напісаныя паводле новага правапісу, давядзецца пачакаць. Іх выдадуць пасля таго, як скончыцца тэрмін карыстання старымі.

“Паводле новых правілаў, падручнікі не могуць быць перавыдадзеныя ў адзін момант. Яны будуць перавыдадзеныя з улікам фандавання падручнікаў," — кажа начальнік Упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Юрый Гладкоў.

Гэта азначае, што падручнікі, напісаныя згодна са старымі правіламі, заменяць на новыя, калі закончыцца іх тэрмін прыдатнасці — адпаведна, праз 4-5 гадоў у залежнасці ад колькасці ўрокаў на тыдзень.

“Міністэрства адукацыі забяспечвае іх паэтапнае выданне. Тое ж тычыцца метадычных дапаможнікаў і вучэбна-даведачных матэрыялаў па беларускай мове для агульнаадукацыйных устаноў з улікам новай рэдакцыі правілаў. Тэрмін выканання — 2010-2015 гады", — пракаментавала загадчыца аддзела з упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч.

Адзін з распрацоўшчыкаў новых правілаў Аляксандр Лукашанец лічыць, што часовая адсутнасць некаторых падручнікаў не павінна стварыць цяжкасці для школьнікаў.

“Я перакананы, што гэта не паўплывае ні на засваенне вучэбнага матэрыялу, ні на выкарыстанне беларускай мовы! Тыя змены, якія ўносяцца ў правілы беларускай арфаграфіі, яны не настолькі істотныя, каб паўплываць на ўспрыманне тэкстаў. Абсалютна паспяхова могуць выкарыстоўвацца ўсе падручнікі”.

Пакуль усе падручнікі не замянілі, настаўнікі маюць свае “рэцэпты”.

“Цяпер ёсць выйсце — электронныя носьбіты інфармацыі і ксеракс. Можна звяртацца да іх, тым больш, што сучасныя дзеці маюць такую магчымасць. Любы граматны настаўнік мусіць гэтымі тэхналогіямі валодаць і іх выкарыстоўваць”, — падзялілася сваім досведам гродзенская настаўніца Аліна Роман.