Беларуская АЭС устурбавала Аўстрыю

Грамадскае абмеркаванне беларускай АЭС ва Ўкраіне могуць перанесці з 31 сакавіка на больш позні тэрмін. Пра гэта, па інфармацыі БелаПАН, заявіў прадстаўнік Мінпрыроды Аляксандр Андрэеў. Украінскі бок прапанаваў правесці абмеркаванне 31 сакавіка ў Кіеве, але Беларусь можа быць яшчэ не падрыхтаванай да таго часу. Украінскія няўрадавыя арганізацыі выказалі занепакоенасць з нагоды беларускай АЭС. Яны напісалі скаргу на Беларусь у камітэт па выкананні Канвенцыі аб Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і Орхускай канвенцыі.

Дарэчы, грамадскае абмеркаванне беларускай АЭС хоча арганізаваць Аўстрыя. Яно можа адбыцца ў красавіку. Па словах чыноўніка, Польшча пакуль не выказвала жадання правесці грамадскае абмеркаванне або сустрэчы спецыялістаў з нагоды беларускай АЭС. Расія, куды таксама былі накіраваныя матэрыялы па беларускай АЭС, дала афіцыйны адказ, што ніякіх пытанняў не мае.

Нагадаем, 2 сакавіка адбыліся грамадскія слуханні па беларускай АЭС у Вільні. 23 сакавіка працоўныя кансультацыі з нагоды будаўніцтвы АЭС былі праведзеныя ў Латвіі.