Беларуская міліцыя пачынае апранаць новую форму

Новая форма з'явіцца ў беларускіх міліцыянтаў. Ужо цяпер 30 чалавек з мінскай роты патрульна-паставой службы ў якасці эксперыменту носяць кашулі, курткі і фуражкі новага ўзору. Мадэрнізаваны варыянт верхняга адзення мае святлоадбівальныя палосы спераду і такі ж надпіс "Міліцыя" на спіне. Акрамя гэтага, новая куртка крыху цямнейшая за цяперашнюю.

Асноўнае новаўвядзенне можа закрануць галаўныя ўборы. Старая фуражка значна цяжэйшая за новую. Аколышак выкананы ў выглядзе святлоадбівальнай паласы, таксама дызайнеры змянілі кукарду і яе месцазнаходжанне на фуражцы.

Новыя ўзоры адзення ўзвод будзе насіць да пераходу на зімовую форму. Калі за ўвесь перыяд новая форма пройдзе так званы іспыт зносам, наступным летам уся беларуская міліцыя прымерыць новае адзенне, паведамляе "Наша ніва".