Беларускі абаронца Руслан Салей вяртаецца на лёд?

Беларускі абаронца Руслан Салей выведзены са спісу траўмаваных гульцоў "Каларада". Не выключана, што ён прыме ўдзел у адным з бліжэйшых матчаў рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, паведамляе БЕЛТА. Свой наступны паядынак "Каларада" правядзе дома супраць "Атланты" 10 лютага. Да перапынку, звязанага з Алімпійскімі гульнямі ў Ванкуверы, "Эвеланш" мае згуляць яшчэ два матчы: 12 лютага "Каларада" дома пазмагаецца з "Фініксам", а 13 лютага на выездзе сустрэнецца з "Лос-Анджэлесам".

Нагадаем, Руслан Салей на пачатку снежня перанёс аперацыю з нагоды боляў у спіне, якія даўно яго турбавалі. У бягучым сезоне ён правёў у складзе "Каларада" толькі адзін матч 8 кастрычніка супраць "Нэшвіла". Да трэніровак на лёдзе 35-гадовы абаронца прыступіў 23 студзеня.

Нагадаем, што па рашэнні галоўнага трэнера зборнай Міхаіла Захарава Руслан Салей стане капітанам нашай каманды на Алімпіядзе ў Ванкуверы. Пытанне ўдзелу абаронцы ў Алімпіядзе не вырашанае канчаткова, аднак, па словах настаўніка, верагоднасць таго, што Руслан выступіць у Ванкуверы, складае 99%.