Беларускі амбасадар папярэдзіў ЕС з нагоды санкцыяў

Амбасадар Беларусі ў ЕС Уладзімір Сянько распаўсюдзіў адкрыты ліст у еўрапейскіх СМІ. Ён выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што некаторыя афіцыйныя польскія асобы далі еўрапейскім інстытуцыям “ненармальнае тлумачэнне рэальнай сітуацыі вакол польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі”. Як паведамляе Радыё "Свабода", ліст мае загаловак: “ЕС заклапочаны, але Беларусь просіць аб цярпенні”. Амбасадар спаслаўся на звесткі нейкага сацыялагічнага апытання, згодна з якім 97% палякаў у Беларусі не адчуваюць дыскрымінацыі з боку ўладаў.

Згадваючы тэму дэбатаў у Брусэлі, дзе меліся абмяркоўвацца магчымыя санкцыі супраць Беларусі, беларускі дыпламат адзначыў: "Любыя спробы паўплываць звонку, роўна як і спробы прымусіць улады Беларусі падтрымаць любы з бакоў канфлікту, ня толькі непрымальныя, але і контрпрадуктыўныя".