Беларускі бок не жадае розгаласу ў расследаванні справы Су-27

Беларускі бок не жадае розгаласу ў расследаванні справы Су-27, які разбіўся на авіяшоў у Польшчы. Пра гэта Еўрарадыё заявіў кіраўнік польскай інспектарскай камісіі па справах бяспекі палётаў палкоўнік Грахоцкі. Нагадаем, 30 жніўня беларускі знішчальнік Су-27 разбіўся на авіяшоў у польскім Радаме. Два пілоты — палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч — не катапультаваліся, каб адвесці самалёт як найдалей ад гледачоў. Для расследавання абставінаў трагедыі была створаная сумесная польска-беларуская камісія.

Калі можна чакаць з'яўлення вынікаў расследавання? На гэтае пытанне Еўрарадыё адказаў палкоўнік Грахоцкі:

"Вынікі яшчэ не будуць так хутка, бо далей працуем у камісіі. Час абмежаваны, хаця б у сувязі з візамі (праўдападобна, сябраў камісіі з беларускага боку — ЕРБ). Працуем інтэнсіўна як толькі магчыма. Беларускі бок не жадае розгаласу. Ну, можа, і не розгаласу, але падавання якой-небудзь інфармацыі..."