Беларускі канкурсант віцебскага фэсту не ведае нотаў

Учора на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў першы дзень фіналу конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Канкурсанты спявалі з аркестрам Фінберга песні славянскіх кампазітараў на славянскіх мовах.  Па выніках першага дня прадстаўнік Беларусі Віталь Гардзей мае трэці вынік, як і расійская канкурсантка Лена Валеўская. Наперадзе пакуль літоўскі выканаўца Данатас Мантвідас да балгарын Пламен Патаў. Дарэчы, Віталь Гардзей - адзіны з канкурсантаў, што наогул... не ведае нотаў. Затое ён з гонарам адзначае, што яго любімае свята - 3 ліпеня.

Гардзей: - Маё любімае свята - 3 ліпеня, таму што гэты дзень, ні да чога не прывязаны, дзень, калі людзі могуць дзякаваць адзін аднаму і свайму кіраўніцтву за тое, што ў нас мірна, прыгожа, чыста, і з-за гэтага расіяне не тое што зайздросцяць нам, але жадаюць быць з намі разам.

Сёння ўвечары другі фінальны канцэрт вырашыць лёсы канкурсантаў. Яны будуць спяваць песні на мовах краін, якія прадстаўляюць, пад “мінусавую” фанаграму.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск