Беларускі тэлеканал выбіў БАТЭ з Лігі чэмпіёнаў

Тэлеканал АНТ “апратэставаў” вынік матчу ў адказ кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў паміж беларускім клубам БАТЭ і кіпрскім “Апаэлем”.

Паводле інтэрнет-версіі тэлеканала, барысаўчане выйгралі з лікам 1:0 (насамрэч – 3:0) і завяршылі выступленне ў прэстыжным турніры (насамрэч – вышлі ў наступны раўнд).

Пра гэта паведамляе інтэрнет-газета “Салідарнасць”.

Насамрэч, у першым тайме, на 15-й хвіліне, у барысаўчан вызначыўся Ігар Стасевіч, у другім, на 74-й хвіліне, — Дзмітрый Платонаў.

Паколькі першы матч у Нікасіі БАТЭ прайграў (0:2), то па суме дзвюх сустрэч лік стаў нічэйным.

У выніку былі прызначаны два дадатковыя таймы па 15 хвілін кожны. На 105-й хвіліне гульні трэці мяч у вароты "Апаэля" правёў Генадзь Блізнюк.

Аднак па версіі АНТ, падзеі развіваліся так:

“Беларусы ўпэўнена пачалі паядынак: ужо на 15-й хвіліне мэты дасягнуў удар Ігара Стасевіча. Гол паўабаронцы так і застаўся адзіным. У выніку — перамога беларусаў, 1:0. Праўда, для агульнага поспеху гэтага аказалася замала. Нагадаем, у Нікасіі “Апаэль” перамог з лікам 2:0”.