Беларускі “Воўк” прайграў расійскаму “Зверу”, Ляховіч абяцае вярнуцца

31-гадовы беларускі баксёр-прафесіянал Сяргей Ляховіч прайграў 34-гадоваму расіяніну Мікалаю Валуеву паядынак за званне афіцыйнага прэтэндэнта на тытул чэмпіёна свету ў суперцяжкай вазе па версіі Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBA). Бой адбыўся ў нямецкім горадзе Нюрнберг і працягваўся ўсе 12 раўндаў. Ляховіч пацярпеў паражэнне па ачках – 108:120, інфармуе БелаПАН. Ніводнага раўнда выйграць ён не здолеў. Да таго ж выглядала, што ён мае траўму, бо ў баю не атакаваў правай рукой.

“Гэта быў не мой дзень, але я вярнуся”, сказаў Сяргей па заканчэнні паядынка.

Цяпер Валуеў сустрэнецца з Русланам Чагаевым з Узбекістана, якому прайграў чэмпіёнскі тытул у красавіку мінулага года.

Адзначым, што перад гэтым боем беларускі баксёр правёў 25 паядынкаў, у якіх атрымаў 23 перамогі, у тым ліку 14 накаўтам. На рахунку Мікалая Валуева цяпер 49 баёў, у якіх ён атрымаў 48 перамог (з іх 34 накаўтам).