Беларускі злачынец прызнаў сваю віну ў Нью-Ёрку

25-гадовы Зміцер Наскавец, стваральнік і аператар інтэрнэт-праекта CallService.biz, з дапамогай якога больш 2 тысяч кібер-ашуканцаў здзейснілі звыш 5 тысяч незаконных транзакцый з крадзенымі дадзенымі, у сераду ў Нью-Ёрку прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай махлярства з крэдытнымі картамі.

Беларус быў затрыманы 15 красавіка 2010 года ў Чэхіі і экстрадаваны ў ЗША. Па дадзеных ФБР, вэб-сайт CallService.biz быў свайго роду гандлёвай пляцоўкай для хакераў, якія кралі нумары банкаўскіх карт і іншыя фінансавыя рэквізіты. Гэты незаконны інтэрнэт-рэсурс быў створаны ў 2007 годзе Наскаўцом і яго саўдзельнікам, Сяргеем Сямашка, якому прад'яўлены абвінавачванні ў Беларусі.

Максімальнае пакаранне, якое пагражае Наскаўцу, – 37 з паловай гадоў пазбаўлення волі. Прысуд яму будзе вынесены 26 траўня, паведамляе "Голос Америки".