Беларускіх і расійскіх біятланістаў падазраюць ва ўжыванні допінгу

Трэнер жаночай зборнай Швецыі па біятлоне немец Вольфганг Піхлер заявіў, што допінг мог належаць расійскім ці беларускім спартсменам, перадае шведскае выданне Expressen.

Этап Кубка свету па біятлоне ў Эстэрсундзе прайшоў напачатку снежня 2010 года. У гатэлі, дзе знайшлі медыкаменты, пражывалі біятланісты зборных Беларусі, Расіі і Германіі. Пасля ад’езду спартсменаў працаўнікі гатэля знайшлі пакет з падазронымі прэпаратамі.
Па дадзеных Expressen, у пакеце выяўлены тэстастэрон, фераглабін і імунал. На адной з упаковак была налепка з надпісам на рускай мове "сіроп". Інструкцыі да лекаў таксама былі на рускай мове. З трох прэпаратаў допінгам лічыцца толькі тэстастэрон. Аднак фераглабін можа ўводзіцца пры пераліванні крыві, што забаронена для спартоўцаў.
Цяпер шведская паліцыя пачала расследаванне. Калі стане вядома, што пакет належаў камусьці са спартсменаў, наступствы могуць быць вельмі сур'ёзнымі.