Беларускія альпіністы ўзыйдуць на гару Кайлас у Тыбеце

Скарыць тыбецкую “гару чатырох рэлігій” Кайлас збіраюцца беларускія альпіністы. Экспедыцыя пачнецца 6 жніўня і працягнецца да канца месяца. Да кітайскай мяжы альпіністы дабяруцца на цягніках праз Маскву і Алма-Ату, а далей паедуць аўтаспынам. У каманду, што будзе ўзыходзіць на Кайлас, уваходзяць людзі розных прафесій: супрацоўніца падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна сталіцы Вольга Шчурок, кардыёлаг Уладзімір Крылоў і аператар Уладзімір Бандарэнка. Кіруе экспедыцыяй начальнік электрамеханічнага аддзела Інстытута зваркі і абароны пакрыццяў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Леанід Галубоўскі.

З Кайласам (вышыня 6.714 метраў) звязана мноства міфаў і легенд. Індуісты, джайны, будысты і паслядоўнікі Бон-а) лічаць гэтую гару святым месцам. А індуісты і ўвогуле мяркуюць, што Кайлас — гэта касмічны цэнтр сусвета, дзе жыве магутны бог Шива.

Узыходзіць на самую вяршыню гары забаронена, і таму беларуская група падымецца толькі на вышыню 5.900 метраў над узроўнем мора. Мэтай узыходжання яны называюць “дэманстрацыю беларускага сцяга”, паведамляе агенцтва "Минск-новости".