Беларускія банкі губляюць прыбыткі
У студзені-маі 2014 года прыбытак беларускіх банкаў паменшыўся на 9,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Аб гэтым гаворыцца ў статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банка Беларусі. За першыя пяць месяцаў 2014 года камерцыйныя банкі Беларусі зарабілі 2,4 трыльёны рублёў, а за такі ж перыяд 2013 года – 2,7 трыльёна, паведамляе БелаПАН.
Па дадзеных Нацбанка, асноўнымі прычынамі памяншэння прыбытку банкаў з'яўляюцца апераджальны рост спецыяльных рэзерваў адносна росту актываў, павелічэнне расходаў па аплаце працы, запаволенне тэмпаў росту актываў банкаў.
У дадатак у пачатку 2014 года Нацбанк абвясціў аб узмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, каб забяспечыць эканамічную стабільнасць ў краіне. Камерцыйным банкам было рэкамендавана абмежаваць прырост крэдытнай масы на ўзроўні не больш за 0,7% у месяц.