Беларускія дэпутаты: Эканамічныя праблемы перайшлі ў палітычную плоскасць

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прагназуюць напружанне ў палітычных адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. Хаця Беларусь выконвае ўсе патрабаванні расійскага заканадаўства па пастаўках малака і малочнай прадукцыі, канфлікт перарос у палітычную плоскасць. Такую заяву Сяргея Маскевіча, кіраўніка камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў, перадае "Інтэрфакс".

Па словах парламентарыя, абмежавальныя меры, уведзеныя расійскім бокам, тлумачацца ціксам на Беларусь, каб нашая краіна прызнала незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Кіраўнік камісіі па прамысловасці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Палаты прадстаўнікоў Сяргей Сямашка называе пазіцыю Расіі палітыкай ультыматумаў. Ён лічыць, што беларускія тавары мэтанакіравана выціскаюцца з расійскага рынку.

Па ягоных словам, Беларусь праводзіць сваю незалежную замежную палітыку, але камусьці гэта ў Расіі моцна не падабаецца, таму і ідуць адзін за адным ультыматумы.