Беларускія дзеці змогуць выязджаць у Іспанію на аздараўленне

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў у якасці асновы для перамоваў праект пратаколу паміж урадамі Беларусі і Іспаніі. Ён тычыцца міжурадавай дамовы з Іспаніяй ад 1 чэрвеня 2009 года наконт умоваў аздараўлення беларускіх дзяцей у гэтай краіне. Праект прадугледжвае магчымасць выезду беларускіх дзяцей ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў у Іспанію без абмежавання колькасці выездаў.

Пры гэтым іспанскі бок даў забавязанні, у прыватнасці, забеспячыць жыццё і здароўе дзяцей у перыяд іх знаходжання на аздараўленні ў Іспаніі, вяртання дзяцей у Беларусь па заканчэнні тэрмінаў аздараўлення.

Як нагадвае БелаПАН, дамовы па аздараўленні дзяцей Беларусь склала з Італіяй, Нямеччынай, Ірландыяй, Нідэрландамі, Бельгіяй, Ліхтэнштэйнам, Вялікабрытаніяй, Іспаніяй, Аўстрыяй і Швецыяй.