Беларускія гандбалісты выбылі з еўрапейскіх турніраў

Гандбалісты трох беларускіх клубаў выбылі з розыгрышаў еўрапейскіх турніраў. Як інфармуе БЕЛТА, у 1/16 фіналу Кубка ЕГФ чэмпіёны Беларусі мінскія дынамаўцы 22 лістапада ў паўторным матчы з французскім "Дзюнкеркам" прайгралі 30:39 (15:19). У першай гульні ў Мінску наша каманда перамагла з меншай розніцай у ліку — 29:24.

У гэтым жа турніры мінскі СКА таксама сустракаўся з французскай камандай. У гасцях падапечныя Спартака Мірановіча прайгралі 25:32, а ў сябе дома згулялі ўнічыю — 27:27 (12:12).

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова, які выступаў у розыгрышы Кубка ўладальнікаў кубкаў, у 1/16 фіналу саступіў дацкаму клубу "Хольстэбро". Пасля гасцявой паразы з лікам 23:31, брэстаўчане на сваёй пляцоўцы ўзялі рэванш — 33:29, але для выхаду ў наступны раўнд гэтага не хапіла.

Такім чынам, усе беларускія клубы завяршылі выступы на еўрапейскай арэне і зараз засяродзяцца на ўдзеле ў нацыянальным першынстве. Тут цяпер наперадзе брэсцкія гандбалісты, якія маюць 20 ачкоў пасля 10 праведзеных сустрэч. На другой пазіцыі мінскае "Дынама" — 18 ачкоў, СКА і "Машэка" (Магілёў) набралі па 13 балаў.

На жаночым чэмпіянаце краіны лідыруе гродзенская "Гараднічанка" — 16 ачкоў пасля 9 гульняў, мінскі БНТУ згуляў на матч менш і мае 15 балаў, а гандбалісткі бялыніцкай "Друці" ў 9 сустрэчах набралі 13 ачкоў.