Беларускія гандбалісты згуляюць са зборнай Славеніі
Для беларусаў гэта старыя і прынцыповыя супернікі.
Мужчынская зборная Беларусі па гандболе 17 студзеня сустрэнецца з камандай Славеніі ў рамках чэмпіянату свету ў Дохе. Напярэдадні нашы спартсмены ў стартавым паядынку згулялі з іспанцамі і прайгралі ім з лікам 33:38.
У апошнія гады беларусы і славенцы часта і з пераменным поспехам высвятлялі адносіны, адзначае Прессбол. Напрыклад, у чэрвені 2009 года нашы спартсмены саступілі ў адборы на чэмпіянат Еўропы — 26:38 і 32:36. Але ў 2013 годзе быў рэванш у тым жа турніры — 32:32 і 35:33.
Апроч таго, апаненты сустракаліся на мінулым сустветным форуме, прычым два гады таму. 17 студзеня 2013 года перамога дасталася балканцам — 27:26.
Што да сённяшняй сустрэчы, то букмекеры аддаюць перамогу славенцам. Напрыклад, William Hill выставіў наступныя каэфіцыенты: на перамогу Беларусі — 4,11, на нічыю — 11, на перамогу Славеніі — 1,35.
Пачнецца матч Беларусь — Славенія ў 17.00.