Беларускія гімнасты выйшлі ў два фіналы на чэмпіянаце свету

На чэмпіянаце свету па спартовай гімнастыцы ў суме шматбор'я найлепшым з беларусаў стаў Дзмітры Савіцкі. Ён заняў 27-е месца. Аднак у вырашальнай стадыі змаганняў не могуць браць удзел больш за два атлеты ад краіны, таму 27-е месца нашага гімнаста трансфармавалася ў прахадное 22-е.
На асобных снарадах у фінальную васьмёрку трапіў толькі Дзмітры Каспяровіч, паведамляе "Прессбол". У апорным скачку беларус паказаў другі вынік, прапусціўшы наперад толькі расіяніна Антона Галацуцкава.

Фіналы ў шматбор'і ды ў апорным скачку пройдуць у пятніцу і нядзелю адпаведна.