Беларускія гоншчыкі заваявалі срэбра ў ралі "Пено-2009"

Беларускі экіпаж у складзе Анатоля Шымакоўскага і Ігара Макарчука на аўтамабілі Ford Fiesta ST па выніку міжнароднага ралі "Пено-2009" заваяваў срэбра ў сваім класе Р3. Міжнароднае ралі адбылося ў апошні дзень студзеня ў Цвярской вобласці (Расія). На старт гонкі выйшаў 51 экіпаж. Прадстаўнікі шасці краін мусілі пераадолець тры спецучасткі двойчы.

Але, як выявілася, не ўсе змаглі прайсці зімовую трасу. Беларускі тандэм паказаў высокі вынік — другое месца ў класе Р3, саступіўшы эстонскаму экіпажу 11 хвілінаў і 11 секундаў. І гэта прытым, што на пятым спецучастку беларусы трапілі ў затор і былі вымушаныя "плесціся" да фінішу спецучастку.

Абагнаць павольную павозку не дазваляла шырыня трасы, а супернік упарта не прапускаў пелатон з шасці аўтамашын, за што і быў дыскваліфікаваны па выніках ралі.

Тым не менш паказаны на міжнароднай гонцы вынік — 22-е месца ў абсалютным заліку і другое месца ў класе Р3 — можна прызнаць годным. Пераможцам жа ў абсалютным заліку сталі фіны Патрык Флодзін і Ёран Бергстэн, якія выступілі на аўтамабілі Subaru Impreza WRX STI.

БЕЛТА