Беларускія музыкі выступілі ў Кракаве

16 сакавіка адбыўся канцэрт беларускай альтэрнатыўнай музыкі ў Кракаве. Аматараў року парадавалі Pomidor/off, Крама і НРМ. Выбар даты канцэрту тлумачыць Аляксандр Памідораў: — Я прымаю ўдзел у арганізацыі гэтага канцэрту з беларускага боку. Прыпала на сёння — на 16 сакавіка.

Гэта было накіравана, каб не супала з дваццатымі лічбамі, а паколькі так прыпадае ў календары: пятніца, выгодны дзень для канцэрту, ды яшчэ да таго і 16.

Але палітычных прычынаў тут няшмат, хутчэй проста ўдалы дзень для канцэрту.

Памідораў таксама прызнаўся, што сыграць у Кракаве даўно было яго марай:

— Я даўно марыў сыграць у Кракаве, бо апошні раз мы гралі тут у «Барбакане» разам з «Народным альбомам».

А так, каб сольна зайграць сваю праграму, — такога ніколі не было.

Лявон Вольскі, фронтмэн гурта НРМ свой удзел у канцэрце матываваў жаданнем патрымаць беларуска-польскія моладзевыя ініцыятывы:

— Слухайце, ну трэба ж дапамагаць беларуска-польскім моладзевым ініцыятывам! Вось таму і згадзіліся сюды прыехаць.

Да Кракава ўсе дабраліся без прыгодаў, арганізацыю таксама ацанілі высока.

На канцэрт прыйшло каля 400 чалавек.

Кракаўскі клюб Studio без праблемаў прыняў такую колькасць людзей: можна было і патанчыць на вялікім танцполе, і паслухаць музыку седзячы, і адпачыць ў залях пры бары, дзе стаялі столікі.

Беларуская мова стала адным з сімвалаў канцэрту, яна гучала з усіх куткоў залі: на канцэрт сабраліся не толькі кракавяне, але і беларусы, якія навучаюцца ў польскіх ВНУ.

Яны з'ехаліся з усіх гарадоў суседняй краіны! Але і гэта яшчэ не ўсё!

Мне пашанцавала пазнаёміцца з аматарамі беларускага року яшчэ з Украіны і нават з Казахстану.

Гэта быў неверагодны экшн! Пазітыў, драйв, энэргія... НРМ, якія выступалі апошнімі, выходзілі на біс ажно 3 разы!

Самі музыкі таксама засталіся задаволеныя і якасцю гуку, і атмасферай, і публікай.

А ўсім слухачам Еўрарадыё, якія не змаглі даехаць да польскага Кракава, яны падасылалі палымяныя прывітанні:

— Спадарства, слухайце Еўрарадыё, слухайце беларускую музыку і нічога не бойцеся.

Гэта быў Лявон Вольскі. Іншыя ўдзельнікі гурта Н.Р.М. далучыліся да яго:

— Я Юрась Ляўкоў, слухайце радыё, слухайце сваю музыку і ідзіце да лепшага!

Не абдзяліла нас пажаданнямі і «Крама»:

—Я, Ігар Варашкевіч, хачу пажадаць вам поспехаў у жыцці, слухаць добрую музыку, нядобрую не слухаць.

А што ўкладаць у гэтыя паняцці — гэта ўжо вам вырашаць. Любіце сваю радзіму і сваю мову.

Аляксандр Памідораў высказаўся каротка, але змястоўна:

— Жыве Беларусь і мы жывем!

Адрывалася пад беларускі рок у Кракаве я, Мара Нальшанская!