Беларускія палярнікі сёння прыбываюць у Антарктыду

15 снежня беларуская група палярнікаў на навукова-экспедыцыйным судне "Акадэмік Фёдараў" прыбывае ў Антарктыду. Яны рухаецца ў складзе 54-й расійскай антарктычнай экспедыцыі. Беларуская група складаецца з шасці адмыслоўцаў: кіраўнік Аляксей Гайдашоў, намеснік кіраўніка інжынер-геафізік Алег Мяснікоў, інжынер-радыефізік Міхаіл Кароль, інжынер па ахове навакольнага асяроддзя, эколаг Алег Барадзін, механік Аляксандр Бабічаў, рабочы па абслугоўванні і рамонце будынкаў і памяшканняў Ігар Бык.

Як паведаміў БелаПАН, адразу па прыбыцці адбудзецца разгрузка карабля. Верталёт даставіць абсталяванне і маёмасць палярнікаў на базу на гары Моладзевая. У бліжэйшыя дні беларускія палярнікі дапамогуць расійскім калегам у раскансервацыі сістэм жыццезабеспячэння іх базы, а потым будуць рыхтаваць да працы ўласную тэхніку.

Праз 7—10 дзён беларускі атрад пераедзе на гару Вячэрнюю, дзе будуць праведзеныя асноўныя працы. Нагадаем, асноўная задача беларускіх палярнікаў сёлета — навуковыя даследаванні. Яны правядуць маніторынг атмасферы і падсцілаючай паверхні кантынента пры дапамозе распрацаваных беларусамі прыбораў і метадаў, геафізічнае і геахімічнае даследаванне зямной паверхні, вывучэнне біялагічных рэсурсаў Антарктыды.