Беларускія памежнікі перадалі ўкраінцам беглага экс-рэктара Мельніка?

Пра гэта паведамляе interfax.by са спасылкай на ўкраінскія СМІ. Паведамляецца, што 9 жніўня памежнікі Пінскага атрада затрымалі Мельніка, калі ён перасякаў беларускую мяжу. Яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл знаходжання на тэрыторыі Беларусі без адпаведных дакументаў, а менавіта пашпарта.



Дарэчы, сёння ўкраінскія СМІ паведамілі, што Мельнік выехаў у Беларусь па пашпарце брата. На ўкраінскай мяжы ён паказаў пашпарт брата, на беларускай — свой уласны.



Былога рэктара затрымалі 27 ліпеня. Ён патрабаваў і атрымаў ад двух украінцаў хабар у памеры 120 тысяч грыўняў за паступленне іх сваякоў у ВНУ. Пячэрскі райсуд Кіева прызначыў Мельніку хатні арышт. 7 жніўня на экс-рэктара начапілі электронны бранзалет. Аднак праз два дні стала вядома, што Мельнік уцёк з-пад хатняга арышту, пазбавіўшыся электроннага бранзалета. МУС абвясціла яго ва ўсеўкраінскі вышук. 14 жніўня ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола.



Фота — 15minut.org