Беларускія памежнікі прапусяць “Начных ваўкоў” у Польшчу
Але не выключаюць, што іх польскія калегі могуць завярнуць байкераў.
Дзяржаўны памежны камітэт выказвае ўпэўненасць, што з’яўленне расійскіх байкераў з клуба “Начныя ваўкі” на беларуска-польскай мяжы абыдзецца без эксцэсаў. Як сказаў РИА Новости кіраўнік прэс-цэнтра ведамства Аляксандр Цішчанка, удзельнікі прабегу ў гэтым не зацікаўленыя, бо дэкларуюць “патрыятычныя мэты, а не хуліганскія”.
Мотаклуб “Начныя ваўкі” планаваў зладзіць прабег да Берліна ў гонар 70-годдзя Перамогі. Расійскія байкеры павінны былі перасякаць беларуска-польскую мяжу 25-27 красавіка праз пераход Брэст — Тэрэспаль. Аднак 24 красавіка Міністэрства замежных спраў Польшчы накіравала дыпламатычную ноту ў расійскую амбасаду ў Варшаве. У ёй расійскі бок быў праінфармаваны пра адмову ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы групе матацыклістаў з клуба "Начныя ваўкі". У дакуменце адзначаецца, што "падставай для такога рашэння стала адсутнасць неабходнай, дакладнай інфармацыі аб раскладзе знаходжання групы ў Польшчы".
Раней стала вядома, што выдадзеныя расійскім байкерам візы анулюе і Нямеччына.
У Дзяржаўным памежным камітэце заяўляюць, што ў расійскіх байкераў не будзе ніякіх праблем з выездам з Беларусі, але калі іх не прапусцяць польскія памежнікі, давядзецца вярнуцца. Аляксандр Цішчанка заяўляе, што ў гэтым выпадку на мяжы не будзе затораў. Таксама прадстаўнік памежнага камітэту сказаў, што беларускі бок не мае інфармацыі, каму менавіта Польшча адмовіць ва ўездзе, бо “ў іх свае стоп-лісты”.
Фота: ria.ru