Беларускія парламентарыі прымуць удзел у зімовай сесіі ПА АБСЕ
Яны агучаць сваю пазіцыю па выніках працы місіі міжнародных назіральнікаў падчас выбараў прэзідэнта Беларусі і растлумачаць прычыны закрыцця Офіса АБСЕ ў Мінску
Парламенцкая дэлегацыя Беларусі прыме ўдзел у паседжаннях сёмай зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, якія пройдуць 24-25 лютага ў Вене. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ніна Мазай.
Па яе словах, беларускія парламентарыі маюць намер выступіць па двух ключавых пытаннях, якія тычацца супрацоўніцтва нашай краіны і АБСЕ. Яны агучаць сваю пазіцыю па выніках працы місіі міжнародных назіральнікаў падчас выбараў прэзідэнта Беларусі і растлумачаць прычыны закрыцця Офіса АБСЕ ў Мінску.
Плануецца, што ў працы форума прымуць удзел каля 240 парламентарыяў з 49 дзяржаў. Беларускую дэлегацыю на сесіі ўзначаліць намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Віктар Гумінскі.