Беларускія вязні абвясцілі галадоўку ў турме Дубаі
У Цэнтральнай дубайскай турме ўжо 8 дзён ідзе галадоўка.
Пратэстуе ўвесь першы корпус, дзе сядзяць за наркотыкі 1000 чалавек. Як паведамляе “Московский комсомолец”, сярод іх ёсць беларусы, расіяне, украінцы, казахстанцы.
Галадоўнікі выступаюць супраць самавольства мясцовай адміністрацыі і атрыманых імі тэрмінаў зняволення. За невялікія дозы наркотыкаў яны былі прысуджаныя да пажыццёвых тэрмінаў ці смяротнага пакарання. У той жа самы час наркакур'еры, затрыманыя з буйнымі партыямі наркотыкаў, атрымлівалі нязначныя тэрміны. Наркотыкі яны везлі транзітам, а гэта — іншы артыкул крымінальнага кодэкса.
Раніцай 8 лістапада стала вядома, што арыштанты дамагліся сустрэчы з генпракурорам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Групу з 15 чалавек адвезлі з турмы да яго на прыём. Арыштанты выказалі свае патрабаванні, і генпракурор паабяцаў вырашыць усё ў рамках закона.
Фота — obozrevatel.ua