Беларускія юніёры трапілі ў элітны футбольны раўнд

Юніёрская футбольная зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Сяргея Саладоўнікава прабілася ў 2-і кваліфікацыйны (элітны) раўнд чэмпіянату Еўропы (U-19). Нагадаем, у 1-м кваліфікацыйным раўндзе адборачнага турніру ў 13-й групе, які праходзіў у кастрычніку ў Мінску і Барысаве,  наша каманда фінішавала трэцяй услед за аднагодкамі з Іспаніі і Швейцарыі.

Ёй не заставалася толькі цярпліва чакаць выніку спаборніцтваў ва ўсіх астатніх групах. Рэч у тым, што акрамя двух наймацнейшых камандаў кожнага квартэта, у наступны этап выходзяць яшчэ дзве найлепшыя з ліку зборных, якія занялі ў групах трэція месцы. І вось 26 лістапада нарэшце высветлілася, што гэтымі шчасліўчыкамі сталі каманды Славакіі і Беларусі.

Такім чынам, у элітным раўндзе выступяць з 1 сакавіка па 31 траўня 2009 года 28 камандаў. Яны будуць размеркаваныя лёсаваннем, якое адбудзецца 4 снежня ў Ньёне, на 7 груп (па 4 зборныя). Фінальны турнір пройдзе з 21 ліпеня па 2 жніўня 2009 года ва Ўкраіне.

"Прессбол"