Беларусы будуць назіраць за “цягніком смерці” у Нямеччыне
Нашых эколагаў цікавіць, як рэагуюць улады на правядзенне буйной акцыі антыядзернага супраціўлення.
Больш за 100 беларусаў прымуць удзел у антыядзерных акцыях пратэсту “Кастор” у Нямеччыне, што пройдуць на пачатку лістапада. Акцыі ўяўляюць сабой блакаду рэек, па якіх праходзіць цягнік з ядзернымі адкідамі. Пратэстоўцы называюць яго “цягнік смерці”.
Такім чынам грамадзяне змагаюцца супраць захавання адкідаў і існавання ядзерных магільнікаў. Дарэчы, у “Касторы” удзельнічаюць самыя розныя людзі — палітыкі, фермеры. Сёлета актывісты з Беларусі, Украіны і Расіі паедуць у Нямеччыну як назіральнікі.
Для беларусаў удзел у “Касторы” вельмі важны, распавяла Еўрарадыё кіраўніца кампаніі “Наш дом” Вольга Карач.
Вольга Карач: “Зараз на Беларусі ёсць планы будаваць атамную станцыю. На мой погляд, гэта яшчэ больш небяспечна, чым у Нямеччыне. Бо няма шырокага грамадскага кантролю. Самае галоўнае — Беларусь не такая вялікая краіна. Нам няма дзе хаваць ядзерныя адкіды”.
Нагадаем, “Кастор” ладзіцца адзін раз на два гады. У спыненні акцыі ўдзельнічаюць да 30 тысячаў паліцыянтаў. Падчас яе правядзення ўдзельнікі могуць кінуцца на цягнік з дрэва ці прымацаваць сябе да рэек. Працягвае Вольга Карач:
“Гэта такі намётавы лагер. Людзі пратэстуюць супраць магільніка ядзерных адкідаў, які існуе на тэрыторыі Гарлэбэне. У гэтым годзе плануецца, што будзе ўдзельнічаць каля 10 тысячаў чалавек. Як паказала барацьба, якая вядзецца з 1977-га году, гэты год стане вырашальным”.
Наш удзел у “Касторы” — міжнародная салідарнасць, кажа Вольга.
“Мы б хацелі зрабіць для сябе маніторынг: як праходзіць гэтая акцыя, як рэагуюць улады. У нас там будзе свой намётавы куточак. У фінальнай акцыі, калі паліцыянты выносяць дэманстрантаў з акцыі, мы не можам удзельнічаць. Але будзем там да канца”.
Дарэчы, беларускія эколагі маюць досвед удзелу ў замежных акцыях. Так, у жніўні гэтага году беларусы дапамагалі блакаваць АЭС у Фінляндыі. Тады фінская атамная станцыя не працавала цэлы дзень. Актывісты заклікалі спыніць працу АЭС і развіваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.
Летась у снежні актывісты беларускай партыі “зялёных” далучыліся да акцый пратэсту ў Капенгагене, якія былі прымеркаваныя да форуму ААН па змене клімату. Дарэчы, “Кастор” таксама не застанецца без увагі беларускіх “зялёных”.
Гэта будзе своеасаблівая экскурсія, каб паглядзець, як замежныя калегі робяць такія акцыі, кажа старшыня “зялёных” Алег Новікаў.
Алег Новікаў: “Я думаю, чалавек шэсць мы зможам выцягнуць. Для мяне гэта новыя кантакты з эколагамі, бо Беларусь — частка глабальнай гаспадаркі. Вельмі важна каардынаваць свае дзеянні, абменьвацца экспертнымі даследаваннямі”.
Ладзіць у Беларусі акцыі паводле мадэлі “Кастора” немажліва, кажа Новікаў.
“Проста зрабіць акцыю паводле мадэлі “Кастора” — гэта будзе незразумела грамадству, эфект будзе нулявы. У беларускім грамадстве сітуацыя іншая. Калі будзе распрацавана нейкая прававая база для такіх акцый, чаму тады ў Беларусі яны не могуць быць праведзеныя?”.
Акрамя кампаніі "Наш дом", з беларускага боку назіраць за “Касторам” ў Нямеччыне будуць актывісты аб’яднання “Зялёная сетка” і асобныя грамадскія дзеячы. 




